Разделы сайта

Главная

Архив новостей

30.11.2018

Піліпаўка – пачатак каляднага посту

 28 лістапада пачаўся пост перад Калядамі, даўжынёю ў шэсць тыдняў, які ўсталяваны Праваслаўнай царквой дзеля духоўнага прыгатавання да сустрэчы свята Раства Хрыстова. Пачатак такога посту на Беларусі называюць Піліпаўкай.

 Вучням шостых класаў пашчасціла наведаць мерапрыемства “Піліпаўка – пачатак Каляднага посту” і пазнаёміцца з яго святкаваннем на Беларусі.

  Вучні даведаліся, што назва свята пайшла ад імя аднаго з 12 апосталаў, што былі вучнямі Іісуса Хрыста. Пасля Узнясення Хрыста на неба, Піліп разам са сваёй сястрой Марыяй шмат падарожнічалі па свеце з пропаведзямі. Аднойчы, за прапаведванне слова Божага ў Фрыгіі, святога апостала Піліпа схапілі і ўкрыжавалі ўніз галавой, праз што ён загінуў.

  Стойкасць духа і веры гэтага святога — прыклад адпаведных паводзін падчас посту для вернікаў.

   Дзеці пазнаёміліся з ежай, якую ў пост ужывалі нашы продкі: зерне (жыта, ячмень, авёс), грэчку, бабы (фасолю, чачавіцу, гарох), гародніну (буракі, рэпу, рэдзьку, бручку, капусту, бульбу, цыбулю, часнок), дзікія расліны (крапіву, снітку, шчаўе, лебяду), насенне лёну і канопляў, гарбузікі, арэхі, сухафрукты, мачоныя яблыкі, брусніцы, журавіны. А затым самі вучні паведамілі, як посцяцца ў іх сем’ях. Варта адзначыць, што вучні лічаць пост душы больш важным, чым пост цела.

  Вучням было цікава слухаць, чаму людзі казалі “Піліп дзяцей адзявае”, “Доўгі, як піліпаўская ноч”, “Разгуляцца, як воўк на Піліпаўку” ці “Глядзець, што Піліпаўскі воўк”.

 Дзеці паназіралі за надвор’ем на Піліпаўку і, карыстаючыся народнымі прыкметамі, змаглі прадказаць прагноз на будучае лета.

  Аднак самае прыемнае чакала вучняў у канцы мерапрыемства. Дзеці пераканаліся, што посная ежа таксама можа быць смачнай і разнастайнай.

Куневіч А.В.,

класны кіраўнік VI “А” класа.

Лабачэўская Л.М.,

класны кіраўнік VI “Б” класа.